Гуслі: "дзе?" і "калі?"

|
Мал. 1 — Асноўныя часткі канструкцыі гусляў |
Гуслі: "дзе?" і "калі?" Гаворка ідзе пра інструменты, якія існавалі на тэрыторыі
Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Фінляндыі і некаторых іншых еўрапейскіх
краін. Аб'ядноўвае гэтыя інструменты выключна канструкцыйныя прыкметы: веер струн, струнатрымальнік,
калковы шэраг і рэзанатар, які знаходзіцца пад струнамі на ўсю даўжыню струны. У канструкцыі кожнага
асобнага інструмента магчымы асаблівасці, выключэнні, але пералічаныя чатыры часткі як правіла
прысутнічаюць. Звычайна яны выглядаюць так, як гэта паказана на мал. 1.
Я ўпэўнены, што гісторыя і славянскіх гусляў, і фінскага кантэле, і эстонскай канэлі, і латышскіх
кокле, і літоўскага канклеса і ўсіх неназваных мной інструментаў з гэтага ж спісу зводзіцца да адных
каранёў на нейкім этапе. Толькі на якім? Ніхто не валодае дакладнай інфармацыяй. У літаратуры
занадта шмат меркаванняў аб "дзе?" і "калі?" гэтага этапа. Але толькі меркаванняў і здагадак.
Сустракаюцца і меркаванні, што струнныя інструменты такога тыпу прыйшлі з усходу (Кітай —
струнны інструмент гуцынь [Gu Qin] вядомы больш за чатыры тысячагоддзі), і версіі таго, што рымляне
завезлі лірападобныя інструменты далёка на поўнач падчас каланізацыі... А колькі меркаванняў
выказваецца ў розных краінах аб самабытнасці мясцовых разнавіднасцяў інструмента! Фіны кажуць,
што ўпершыню кантэле зрабіў Веймемёйнен (крыніца: "Калевала"). Навукоўцы з Беларусі і Расіі
сцвярджаюць, што гуслі — гэта злёгку мадэрнізаваны "музычны лук" (прымітыўны народны музычны
інструмент, вядомы ва ўсіх краінах) і ўзнікнуць гуслі, як музычны лук са шматлікімі струнамі
маглі дзе заўгодна, даволі даўно і цалкам самабытна. Каму верыць?
Пакінем даследчыкам гэтыя адцягненыя ад рэчаіснасці спрэчкі. Лепш на прыкладах асобна ўзятых
інструментаў паспрабуем намаляваць агульную карціну гісторыі гусляў. Пачнем з самага старадаўняга
з вядомых тыпаў гусляў — з гусляў з ігравым акном.
Гуслі з ігравым акном. Гэта "гуслі" альбо "ліра"?
Дзеля пачатку: што гэта за інструмент, што пра яго вядома і адкуль у мяне ўзяліся некаторыя
ваганні, ці гуслі гэта навогул.
"Дзе?" і "калі?" Археолагі знаходзяць такія інструменты ў слаях XI—XIII стагоддзяў.
Вядомыя мне знаходкі былі зроблены ў трох гарадах: Гданьск (Польшча), Аполе (Польшча) і Ноўгарад (Расія).
Што аб'ядноўвае гэтыя месцы? Усе тры горада стаяць на буйных водных гандлёвых шляхах. Гданьск —
на беразе Балтыкі, Аполе — на Одры, Ноўгарад (Вялікі, канешне ж) — на Волхаве.

|

|
Мал. 2.а — Гуслі з ігравым акном з Наўгародскіх раскопак, XIII стагоддзе |
Мал. 2.б — Паўночны старадаўні лірападобны інструмент |
Канструкцыйна. Канструкцыйна, гэты інструмент, здаецца, адпавядае азначэнню гусляў:
веер струн, калковы шэраг, струнатрымальнік, рэзанатар. Прыглядзімся. 1) Форма
струнатрымальніка: ашэстак струнатрымальніка замацаваны ў вуціцах. Гэта пераходная форма
паміж архаічнай, якая сустракаецца на лірападобных смычковых і шчыпковых (ашэстак струнатрымальніка
трымаецца на скураных раменьчыках, замацаваных на корпусе), і больш позняй формай струнатрымальніка,
унікальнай гусельнай, якая не сустракаецца ў іншых музычных інструментах (драўляны клямар з ашэсткам
струнатрымальніка — мал. 1). 2) Калковы шэраг: знаходзіцца
пад вуглом да струнатрымальніка, паступова памяньшаючы даўжыню струны ад басоў да вярхоў (у адрозненне
ад звычайных лірападобных інструментаў, дзе даўжыня ўсіх струн адносна роўная). Калковы шэраг не ва
ўсіх экзэмплярах утварае прамую лінію, а звычайна выгнуты дугой. Вельмі моцна нагадвае калковы шэраг
шлемападобных гусляў (якія магчыма таксама ўжо існавалі ў гэтыя XI—XIII стст.). 3) Веер
струн: тыповы гусельны, г.зн. струны ідуць не паралельна, а адлегласць паміж струнами бліжэй да
калкоў павялічваецца. 4) Корпус і рэзанатар: корпус даўблёны, закрыты з боку струн
рэзанатарнай дошкай, але рэзанатар не даходзіць да калковага шэрага. Паміж корпусам і калковым
шэрагам знаходзіцца вобласць ігравога акна. Яна дасягае ў асобных экзэмплярах 1/3 даўжыні струны.
Гэта канструкцыйная асаблівасць уласціва лірам, але не гуслям. Аднак у адрозненне ад шмат якіх
лірападобных інструментаў, вірбельбанк (пляцоўка для укручвання калкоў) і апоры вірбельбанка (бакі
ігравога акна) з'яўляюцца часткай корпуса (зроблены з корпусам з аднаго кавалка дрэва).
Высновы і меркаванні. Вельмі напрошваецца меркаванне аб тым, што гуслі з ігравым
акном — гэта нашчадак паўночных лірападобных інструментаў (таго ж тыпу, што і прыведзены
на мал. 2.б інструмент). Лёгка прасачыць гэту эвалюцыю: з цягам часу гусельная манера
грання (гуслі на каленях, прытулены да жывата) выцясняе лірную (вертыкальную). Па археалагічным
знаходкам прасочваецца, што з цягам часу роля акна памяньшаецца, яно набывае больш дэкаратыўнае
значэнне і, нарэшце, гуслі з ігравым акном знікаюць зусім, саступаючы сваё месца крылападобным
гуслям, праіснаваўшым ужо ў нязменным выглядзе ў народнай традыцыі да XX стагоддзя.
Ці былі такія гуслі на Беларусі? Хутчэй за ўсё былі. Прамых указанняў на гэта няма,
затое ёсць ускосныя. Першыя згадкі пра гуслі на беларускіх землях датуюцца XII стагоддзем (у працах
Кірылы Тураўскага). Гэта маглі быць альбо гуслі шлемападобныя, альбо з ігравым акном. Толькі гэтыя
тыпы гусляў існавалі ў XII стагоддзі. Дзе бы гуслі з ігравым акном на Беларусі маглі сустракацца?
Па аналогіі з гарадамі: Ноўгарад, Аполе, Гданьск, — у Беларусі гэта маглі бы быць гарады
на берагах суднаходных рэк, гандлёвых шляхах: Днепр, Заходняя Дзвіна, Прыпяць, Нёман, Буг.
Археалагічныя знаходкі калкоў струнных інструментаў у гарадах Гродна (на Нёмане) і Пінск (на Прыпяці)
даюць пацверджанне гэтай гіпотэзе.
Урэшце, гуслі альбо ліра? Сумневы, як вы бачыце, цалкам абгрунтаваныя. Тое, што
гэты інструмент — пераходны этап паміж гуслямі і лірай, для мяне відавочна.
Канструкцыйна і па гучанню інструмент у роўнай ступені адпавядае і ліры, і гуслям, але па рэпертуары
і тэхнікам грання, якія прапаноўвае В. І. Паветкін, інструмент цалкам адпавядае гуслям.
Называть гэты інструмент лірой мы не маем права, таму рэкамендую называць гуслямі, аднак заўсёды
вылучаючы іх пры гэтым у асобны клас, падкрэсліваючы наяўнасць ігравога акна і падабенства з лірамі.
Шлемападобныя гуслі.

|  |
Мал. 3.а — Шлемападобныя гуслі з увагнутай асновай |
Мал. 3.б — Шлемападобныя гуслі з прамой асновай |
"Дзе?" і "калі?" Верагодна з XII ст. па XX ст. Усходняя Еўропа — тэрыторыя Візантыйскага ўплыву.
Археалагічныя знаходкі. Ёсць некалькі наўгародскіх археалагічных знаходак фрагментаў
розных шлемападобных гусляў: палічка са слядамі клея, да якой прыклеіваўся струнатрымальнік (Нерэўскі
раскоп, 1958, канец XIV ст.); вуглавая частка полага корпуса (Троіцкі раскоп, 1995, XIV ст.); некалькі
абломкаў гнутага струнатрымальніка (Троіцкі раскоп, 1996, сярэдзіна XIV ст.). Гэтыя нязначныя фрагменты,
нажаль, адкрываюць вельмі мала загадак аб шлемападобных гуслях.
Старадаўнія выявы. Асноўнай крыніцай інфармацыі аб інструменце пакуль яшчэ застаюцца
малюнкі і гравюры ў старадаўніх кнігах, роспісы ў храмах і іншыя выявы (напрыклад бронзавы паясны
набор — Пскоў, 1985, XV в.). Большасць выяваў гусляў у старадаўніх літаратурных крыніцах,
у пэўнай ступені дакладнасці, —
выявы менавіта шлемападобных гусляў. Вядома буквіца "Д" Наўгародскага трэбніку з выяваю цара Давіда, які
грае на такіх гуслях (XIV ст.). Вельмі падобная буквіца ёсць у Аршанскім Евангеллі, якое датуецца
даследчыкамі XII—XIII стст. і параўноўваецца па ўласцівасцях пергаменту з Тураўскім Евангеллем,
што выключае гіпотэзу аб наўгародскім паходжанні беларускай буквіцы. Шлемападобныя гуслі таксама намаляваны
ў Радзівілаўскім летапісу (канец XV ст.).
Як правіла на выявах XIV—XV стст. Відавочна прасочваецца увагнутая аснова інструмента (мал. 3.а).
Інструменты з прамой асноваю пачынаюць пераважаць толькі ў этнаграфічны перыяд. І толькі ў этнаграфічны
перыяд мы сутыкаемся з узрослай колькасцю струн (мал. 3.б).
Высновы. Па наяўным дадзеным можна сказаць, што росквіт гэтага інструмента прыйшоўся
на XIV—XV стст., а асобныя этнаграфічныя экзэмпляры (праўда злёгку мадэрнізаваныя) сустракаліся
ў Расіі і ў XX стагоддзі. Каб сцвярджаць штосці яшчэ —
трэба праводзіць спецыяльные даследванні. Нажаль гэты інструмент вельмі рэдка апісваецца ў літаратуры.
Гуслі без адкрылка. Кантэле.


|
Мал. 4 — Гуслі без адкрылка. Кантэле (фін.), кокле (лат.) і інш. назвы. |
"Дзе?" і "калі?" "Калі?" — з часоў знікнення ў гуслях-лірах ігравога акна
і практычна па нашыя дні. "Дзе?" — Фінляндыя і Карэлія, Эстонія, Латвія, Літва.
Канструкцыйна. Канструкцыйна, гэты інструмент, з'яўляецца як асобная разнавіднасць гусляў,
тады, калі гуслі для грання ўжо адназначна кладуцца на калені музыкі. Ігравое акно паступова знікае за
непатрэбнасцю, калковы шэраг выстройваецца ў прамую лінію, і калкі верхніх струн усё бліжэй і бліжэй
падбіраюцца да струнатрымальніка. Вуціцы як разавіднасць мацавання струнатрымальніка невядома ці існавалі
на такіх гуслях, але калі б з'явіліся знаходкі з археалогіі кантэле з вуціцамі гэта на маё меркавання быў
бы доказ паходжання кантэле ад лірападобных гусляў. Пакуль жа ўсе без выключэння знаходкі датуюцца
этнаграфічным перыядам і звычайна маюць выгляд струнатрымальніка такі, як паказаны на верхняй выяве
мал. 4. Такі драўляны клямар з ашэсткам струнатрымальніка называецца "понсі" (фін. "ponsi").
Чаму "кантэле"? Папулярнасць слова "кантэле" ў нашай культуры, я мяркую, ніхто аспрэчваць не будзе.
У той час, як назвы "канклес", "кокле" ці "канэль" незнаёмыя слыху нават адукаванага суайчынніка. Таму назву
"кантэле" я бы прапанаваў, як абагульняючую назву класа гусляў не шлемападобных, без адкрылка і без ігравога
акна. Канешне, калі размова ідзе са спецыялістам, то не спатрэбіцца тлумачыць яму, што курземскія кокле —
гэта тыя ж кантэле, толькі латышскай традыцыі. Але ў гэтым абагульненні ёсць сэнс таму, што інструменты
вельмі роднасныя. Для акрэслення галіны гэтай традыцыі цалкам, прапаную тэрмін, які даўно ўжо ласкава
перадалі ў нашу мову фіны.
Крылападобныя гуслі — гуслі з адкрылкам.


|
Мал. 5 — Крылападобныя гуслі. Кокле |
"Дзе?" і "калі?" Гэтыя гуслі былі ўпершыню зафіксаваны ў этнаграфічны перыяд (з XVIII ст.)
у Латгаліі (суч. Латвія), Наўгародшчыне і Пскоўшчыне (суч. Расія). Верагодна, у тым жа выглядзе маглі
інснаваць ужо з XIV—XV стст., напэўна, з’яўляясь наступнай прыступкай эвалюцыі гусляў пасля гусляў
лірападобных са славянскага боку, у той час калі з балцкага і фінскага боку традыцыя пайшла іншым шляхам
пераўтварыўшы лірападобныя гуслі ў бяскрылыя кантэле.
Канструкцыйна. Гэты інструмент адрозньвае наяўнасць адкрылка. Адкрылак — тонкая
часка корпуса, якая выступае за калковы шэраг. Адкрылак — дадатковая "пляцоўка" для адлюстроўвання
гука, дадатковая рэзануючая паверхня. Дзякуючы адкрылку гэтыя гуслі заўважна грамчэй і рэзчэй, чым, напрыклад,
кантэле. Адкрылкі бываюць розных форм і памераў, і нават калі гэтая пляцовачка адкрылку усяго 1—2
сантыметра шырынёй — нават тады ўже апраўдана называць яе адкрылкам, бо яна ўжо выконвае сваю
асноўную ролю — ролю апоры для левай рукі. Справа ў тым, што калі ў фінскай традыцыі на кантэле
музыкуюць для сябе, размеркаваўшы кантэле на каленях гарызантальна, струнамі ўгору паралельна зямле, і
накіраваюшы гук на сябе, то ў славянскай традыцыі на гуслях граюць гучна на публіку (часта нават пад танцы),
развярнуўшы гуслі на слухача, струнамі ад сябе, пад вуглом да зямлі, брацаючы правай рукой, у той час калі
мелодыю вядзе толькі левая рука. Нагрузка на левую руку узрастае і напрошваецца яе кудасці пакласці, каб
працавала толькі кісць, а далей рука адпачывала. Вось тут на дапамогу і прыходзіць крыло (адкрылак).
Гуслі "звончатыя" і гуслі "крылападобныя". Тэрмін "крылападобныя" знаўцы мовы разумеюць як
"у выглядзе (форме) крыла". І пад гэта вызначэнне трапляе ўсё, што ў даследчыка можа асацыявацца з крылом.
У меня, напрымер, гусли без крылка не атрымліваецца праасацыяваць з крылом, а ў некаторых
даследчыкаў — калі ласка. Гэта нагадвае мне стары анекдот пра Вовачку, у якога ўсё можа
асацыявацца з голымі жанчынамі. Значна больш лагічна замацаваць тэрмін "крылападобныя" за гуслямі з адкрылкам
ці не выкарыстоўваць яго як тэрмін увогуле, бо чым больш яго так шырока выкарыстоўваюць, тым больш ён нагадвае
звычайны бяссэнсавы гусельны эпітэт, такі як "звончатыя" альбо "яраўчаты".
Эпітэт "звончатыя", вельмі доўга ў рускім фальклоры суправаджаў слова "гуслі" ў сувязі з рускай брацаючай
манерай грання "под танцы". Эпітэт "звончатыя" ніколі не меў ніякіх адносінаў да фінскіх кантэле, на якіх не
гралі танцавальную музыку ў старажытныя часы. Сёння тэрмін "Гуслі звончатыя" трывала замацаваўся за
мадэрнізаванымі аркестровымі рускімі гуслямі тыпа катэле — без адкрылка... Гістарычны нонсэнс.
Яшчэ больш заблытаная сітуацыя можа скласціся з познім літаратурным тэрмінам "крылападобныя"
(рус. "крыловидные"), які абазначаў у даследчыкаў пачатку XX ст. гуслі з адкрылкам. Талькі пачніце так
называть "усё што заўгодна" і тэрмін будзе згублены.
Гуслі XIX—XX стагоддзя. Мадэрнізацыя.
Гэта вельмі цяжкі перыяд для гусляў, перажыць які традыцыя практычна нідзе не здолела. Першы ўдар
па гусельнай традыцыі прыйшоўся ў XIX стагоддзі. З развіццём мануфактур, стала магчыма пакупаць альбо
замаўляць прафесійныя музычныя інструменты мануфактурнай вытворчасці. Цытры. Народная музыка пашырае
дыяпазон, засвойвае новыя танальнасці і мадуляцыі... На гуслях ужо становіцца немагчыма зграць шмат
якія папулярныя танцы. Ужо ў народным асяроддзі пачынаецца хваля падражання мануфактурным інструментам.
І вось у народнай інструментальнай культуры надыходзіць эра мадэрнізацыі.
У адно імгненне ўзнікшая шматстайнасць мадэрнізацый канструкцыі, змянення памераў, формы,
колькасці струн, збірання струн у хоры (па дзьве, па тры, па акорднаму прынцыпу) выглядае як выбух,
які разносіць гусельную традыцыю на кавалкі.
Таксама не варта забывацца пра спусташальныя войны XIX—XX стагоддзяў. Гісторыя памятае
знішчэнне цэлых рэгіёнаў – назаўсёды сыйшоўшая ад нас этнаграфія. І, здалося бы, нейкія паўстагоддзя
прайшлі, а даваенныя традыцыі, напрыклад, той жа поўначы Віцебскай вобласці, дзе папрацавалі латышскія
ССоўцы, нам ужо вядомы на тым жа ўзроўні, як музычная культура якіх-небудзь скіфаў ды сарматаў. А гэта
былі самыя багатыя на гусельныя традыцыі мясціны на Беларусі на той час!
Апошнім ударам па гусельнай традыцыі становіцца палітыка Расійскай Імперыі (а пазней Савецкага
Союза), накіраваныя на ўпарадкаванне і ўніфікацыю народнай культуры. Калі вынікі этнаграфічных
экспедыцый фільтруюцца, на неадпаведнасць ідэалогіі... Калі ў кожнай Савецкай Рэспубліцы штучна
і почасту беспадстаўна прызначаўся "галоўны народны музычны інструмент", а астатнія інструменты
адыходзяць далёка на другі план...
Тым ня меньш гусельная традыцыя выжыла. Нізкі паклон пецярбуржскаму фальклорна-этнаграфічнаму
цэнтру і асабіста А. М. Мехнецову за тое, што ў фальклорных экспедыцыях па Пскоўскай і Наўгародскай
вобласцях Расіі напрыканцы XX стагоддзя знайшлі старых, якія ў дзяцінстве, яшчэ да вайны гралі на гуслях.
Атрымаўшы інструменты, старыя выявілі, што пальцы — усё памятаюць... было запісана шмат
найгрышаў, знятыя ўнікальныя тэхнікі грання і гуказдабыцця.
Што датычыцца мадэрнізаваных гусляў, то можна пайсці двума шляхамі. Можна казать, што ўсё гэта
цытры, пачынаючы з мізэрнай мадэрнізацыі, як паступаюць мноства даследчыкаў, нават не удзяляючы
ўвагі гэтым інструментам. Мне здаецца, што гэта няслушна. Разглядаючы кожны канкрэтны інструмент,
калі бачна, што, негледзячы на змены, гэта ўсё-такі хутчэй гуслі, чым цытра, будзе апраўдана на
мой погляд вывучаць яго як гуслі. Назавем такія гуслі "цытрападобнымі" ці па іншаму
"мадэрнізаванымі" — такі тэрмін уже даўно існуе. Мноства, на мой погляд, ужо
цытрападобных мадэрнізацый канструкцыі шмат хто з даследчыкаў памылкова прылічаюць да бясспрэчна
і адвеку гусельных, напрыклад металічныя калкі, падстаўкі (парожкі) пад струнамі,
зборны на раме корпус — усё гэта ад цытры. Гэта ўжо мадэрнізацыя. Не варта забывацца
пра гэта пры класіфікацыі інструмента. Яшчэ бясспрэчна цытравыя асаблівасці: струны сабраныя
ў хары, некалькі калковых шэрагаў і г.д., але інструмент з такімі элементамі канструкцыі
па-ранейшаму яшчэ можна назваць гуслямі, мадэрнізаванымі, цытрападобнымі. Але ёсць, канешне,
пэўная мяжа. Я, напрыклад, ніколі бы не залічыў да гусляў інструмент з накладным грыфам,
клавішным механізмам ці акордным прынцыпам кампаноўкі струн. Гэта ўжо зусім будзе цытра.
Тут нічога не засталося ад гусляў.
Як прыклад мадэрнізаваных гусляў трэба прыгадаць вынайдзеныя ў XIX стагоддзі сталаабразныя гуслі,
стаўыя давлі распаўсюджанымі сярод інтэлігенцыі і знаці. Тыповы прыклад мадэрнізаванных гусляў.
Напрыканцы XX стагоддзя ў гісторыі гусляў адбываецца новы віток — рэканструкцыя
старадаўніх інструментаў, адраджэнне традыцыі, — які доўжыцца па сённяшні дзень.
Сёння на фальклорным вечары могуць сустрэцца гусляры, якія граюць і на лірападобных гуслях,
і на шлемападобных, і на кантэле, і на крылападобных і на мадэрнізаванных гуслях.
Алесь Чумакоў. Мінск. 2008 год.
Літаратура
1. Malinowski, Tadeusz. Instrumenty strunowe z badań archeologicznych w Polsce — przegląd znalezisk. — Przegląd Archeologiczny, Vol. 44, 1996, pp. 139—148.
2. Malinowski, Tadeusz. Najdawniejsze instrumenty muzyczne na śląsku w świetle badań archeologicznych. — Wyższa szkoła im. Tadeusza Kotarbińskiego, Studia Zachodnie, Zielona Góra, 1996.
3. Moszyński, Kazimierz. Kultura ludowa Słowian. — Kraków, 1929.
4. Muktupāvels, Valdis. Musical Instruments in the Baltic Region: Historiography and Traditions // The World of Music. — http://www.music.lv/mukti/BalticMI.htm.
5. Muktupāvels, Valdis. On some relations between kokles styles and contexts in the twentieth century // Journal of Baltic Studies. Vol. XXXI, nr. 4, Winter 2000, pp. 388-405. — http://www.music.lv/mukti/Kokles_styles.htm.
6. Muktupāvels, Valdis. Skaņurīku ābece. Latvian Musical Instruments. — Stokholma — Rīgā, 1991. — 56 с., ил.
7. Priedīte, Īrisa. Latviešu tautas māzikas instrumenti. Prospekts. — Rīgā: Latvijas Etnogrāfiskais brīvdabas muzejs, 1978. — 24 lpp., il.
8. Priedīte, Īrisa. Ko spēlēja sendienās. — Riga: Zinātne, 1983. — 117 lpp., il.
9. Rahkonen, Carl. The Kantele Traditions of Finland. — Folklore Institute, Indiana University. Bloomington, Indiana. December 1989. — http://www.people.iup.edu/rahkonen/kantele/
10. Tõnurist Igor, Karras Pille. Kuuekeelne kannel: noodikogu. — Viljandi: Viljandi Kultuurikolled, 2001. — 40 с., ил.
11. Saha Hannu. The Kantele — from Epic to Eclectism // Finnish Music Quarterly, 2/1998.
12. Tamboer, Annemies. Dźwięki z przeszłości: Archeologiczne instrumenty muzyczne na przestrzeni wieków. — Museum narodowe w Poznaniu, 1999.
13. Бычков В. Н. Струнные (щипковые) инструменты (с. 126—141) // Музыкальные инструменты. — М.: АСТ-ПРЕСС, 2000. — 176 с., ил. — ("Основы хужожественного ремесла").
14. Гаджиева А. А., Кошелев В. В. По следам коллекции Н.И.Привалова (с. 115—118) // Музыка Кунсткамеры: материалы первой инструментоведческой научно-практической конференции — СПб., 2002. — 270 с., ил.
15. Зинкив И. Украинско-польские средневековые лировидные инструменты: попытка сравнительного анализа. — Institute of Music of the Pomeranian University in Slupsk: Ars inter Culturas, Vol.7, pp.65-78, 2018.
16. Мехнецов А. М., Кошелев В. В., Лобкова Г. В. Гусли — русский народный музыкальный инструмент: каталог выставки. — СПб.: Фольклорно-этнографический центр, 2003. — 112 с., ил.
17. Назина И. Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Струнные. — Мн.: Наука и техника, 1982. — 120 с., ил.
18. Николаев А. С. О возможном источнике выражения "живые струны" в "Слове о полку Игореве", 2003.
19. Поветкин В. И. Новгородские гусли и гудки. Опыт комплексного исследования. — http://www.soros.novgorod.ru/projects/Toolkit/mrest.htm.
20. Поветкин В. И. О происхождении инструментальной коллекции Новгородского центра музыкальных древностей (с. 229—234) // Музыка Кунсткамеры: материалы первой инструментоведческой научно-практической конференции — СПб., 2002. — 270 с., ил.
21. Прывалаў Н. І. Народныя музычныя інструменты Беларусі. — ?., 192?.
22. Тихова А. В. Гусли звончатые Валерия Тихова. Жизнь, творчество, наследие мастера — СПб.: "ЛИК", 1999. — 80 с., ил.
23. Тихомиров Д. П. История гуслей. Очерки. TARTU, 1962.
24. Фаминцин А. С. Скоморохи на руси: Гусли — русский народный музыкальный инструмент. — СПб., 1890.
25. Феофилакт Симокатта. История. Перевод С. П. Кондратьева. Издательство Академии наук СССР. Москва, 1957.
|